ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 лістапада 2006 г. № 34
АБ ЗАЦВЯРДЖЭННІ ІНСТРУКЦЫІ АБ ПАРАДКУ СТВАРЭННЯ І
АДКРЫЦЦЯ ЭКСПАЗІЦЫЙ І ВЫСТАВАК МУЗЕЯЎ
У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 13 Закона Рэспублікі
Беларусь ад 12 снежня 2005 года «Аб музеях і Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць Інструкцыю аб парадку стварэння і адкрыцця
экспазіцый і выставак музеяў (дадаецца).
Міністр У.Ф.Матвейчук
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
01.11.2006 № 34
ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку стварэння і адкрыцця экспазіцый і выставак музеяў
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзеная Інструкцыя распрацавана ў адпаведнасці з Законам
Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2005 года «Аб музеях і Музейным
фондзе Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов
Республики Беларусь, 2005 г., № 197, 2/1167) і вызначае парадак
стварэння і адкрыцця экспазіцый і выставак музеяў.
2. У дадзенай Інструкцыі выкарыстоўваюцца наступныя тэрміны і
іх вызначэнні:
экспазіцыя - мэтанакіраваная і навукова абгрунтаваная
дэманстрацыя музейных прадметаў і (або) музейных калекцый з уласных
фондаў музея, якія арганізаваны кампазіцыйна, суправаджаюцца
пісьмовым каментарыем, тэхнічна і мастацка аформленыя і ў выніку
ствараюць спецыфічны музейны вобраз пэўных прыродных і (або)
грамадскіх з’яў згодна з профілем музея;
выстаўка - сукупнасць музейных прадметаў і (або) прадметаў
музейнага значэння, аб’яднаных адной тэмай як з уласных фондаў, так
і з фондаў іншых музеяў і прыватных калекцый, выстаўленых на пэўны
тэрмін для агляду наведвальнікамі музея.
3. Дадзеная Інструкцыя з’яўляецца абавязковай для ўсіх
дзяржаўных музеяў, а таксама для прыватных музеяў, калі іншы парадак
не ўстаноўлены ўласнікам музея.
ГЛАВА 2
СТВАРЭННЕ І АДКРЫЦЦЁ ЭКСПАЗІЦЫЙ МУЗЕЯЎ
4. Стварэнне экспазіцый з’яўляецца вынікам навукова-даследчай
працы музея і адным з асноўных відаў музейнай дзейнасці.
5. Этапамі для стварэння экспазіцыі з’яўляюцца:
5.1. распрацоўка навукова-праектнай дакументацыі:
пісьмовай навуковай канцэпцыі з абгрунтаваннем асноўнай ідэі,
мэтаў і задач экспазіцыі, вызначэннем шляхоў іх увасаблення;
тэматычнай структуры экспазіцыі, тэматыка-экспазіцыйнага плана
і сцэнарыя экспазіцыі;
5.2. распрацоўка архітэктурна-мастацкага рашэння;
5.3. мантаж экспазіцыі.
6. Стварэнне экспазіцыі і распрацоўка навукова-праектнай
дакументацыі ажыццяўляюцца рабочай групай, якая зацвярджаецца
загадам кіраўніка музея ці юрыдычнай асобы, структурным
падраздзяленнем якой з’яўляецца музей. Гэтым жа загадам вызначаюцца
тэрміны пачатку і заканчэння работы, прызначаецца кіраўнік групы.
У музеях з абмежаваным штатам навуковых супрацоўнікаў
дапускаецца падрыхтоўка навукова-праектнай дакументацыі для
стварэння пастаяннай экспазіцыі музейнымі работнікамі з вядучых
музеяў краіны ці навуковымі работнікамі навукова-даследчых устаноў
Рэспублікі Беларусь па дагаворы.
7. Падрыхтаваная навукова-праектная дакументацыя
абмяркоўваецца на навукова-метадычным савеце музея і дасылаецца на
рэцэнзаванне:
музеямі гарадскога і сельскага падпарадкавання - у дзяржаўны
музей абласнога падпарадкавання адпаведнага профілю;
музеямі абласнога ці Мінскага гарадскога падпарадкавання - у
дзяржаўны музей рэспубліканскага падпарадкавання адпаведнага
профілю;
музеямі рэспубліканскага падпарадкавання - ва ўстанову
адукацыі «Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры»;
музеямі, якія з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі
юрыдычных асоб, - у дзяржаўны музей абласнога ці рэспубліканскага
падпарадкавання адпаведнага профілю.
8. Архітэктурна-мастацкае рашэнне выконваецца прафесійнымі
дызайнерамі і мастакамі, якія знаходзяцца ў штаце музея, або
адпаведнымі спецыялістамі па дагаворы.
9. Навукова-праектная дакументацыя пасля атрымання рэцэнзіі і
падрыхтаванае архітэктурна-мастацкае рашэнне зацвярджаюцца
кіраўніком музея ці юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем
якой з’яўляецца музей.
10. Зацверджаныя навукова-праектная дакументацыя і
архітэктурна-мастацкае рашэнне з’яўляюцца падставай для заключэння
адпаведных дагавораў на мантаж экспазіцыі.
11. Далейшыя змяненні ў зацверджаную навукова-праектную
дакументацыю і архітэктурна-мастацкае рашэнне могуць быць унесены
толькі са згоды кіраўніка музея ці юрыдычнай асобы, структурным
падраздзяленням якой з’яўляецца музей. Усе змяненні фіксуюцца
дадаткамі да дагавора з выканаўцам.
12. Прыём экспазіцыі ажыццяўляецца камісіяй, якая прызначаецца
загадам заснавальніка.
ГЛАВА 3
СТВАРЭННЕ І АДКРЫЦЦЁ ВЫСТАВАК
13. Для стварэння выставак музеямі распрацоўваецца наступная
праектная дакументацыя:
13.1. калі тэрмін дэманстрацыі выстаўкі 1 месяц і болей:
сцэнарый выстаўкі альбо разгорнутая тэматычная структура;
архітэктурна-мастацкае рашэнне;
13.2. калі тэрмін дэманстрацыі выстаўкі менш за 1 месяц:
сцэнарый выстаўкі альбо разгорнутая тэматычная структура.
14. Праектная дакументацыя выстаўкі, разлічанай на тэрмін
экспанавання 1 месяц і болей, альбо выстаўкі, якая рыхтуецца для
дэманстрацыі за межамі музея, разглядаецца на навукова-метадычным
савеце і зацвярджаецца кіраўніком музея ці юрыдычнай асобы,
структурным падраздзяленням якой з’яўляецца музей.
Праектная дакументацыя выстаўкі, разлічанай на тэрмін
экспанавання менш за 1 месяц, зацвярджаецца кіраўніком музея ці
юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.
15. Стварэнне выстаўкі ажыццяўляецца навукова-экспазіцыйным ці
выставачным аддзелам музея альбо рабочай групай, якая зацвярджаецца
загадам кіраўніка музея ці юрыдычнай асобы, структурным
падраздзяленнем якой з’яўляецца музей. Гэтым жа загадам вызначаюцца
тэрміны пачатку і заканчэння работы па стварэнню выстаўкі,
прызначаецца кіраўнік групы.
16. План стварэння выставак з’яўляецца часткай перспектыўнага
і гадавога плана дзейнасці музея.
17. Прыём выставак, разлічаных на тэрмін экспанавання больш за
1 месяц, ажыццяўляецца спецыяльнай камісіяй, прызначанай загадам
кіраўніка музея ці юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой
з’яўляецца музей.